
Васіль Юр’евіч, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза тэатральных дзеячаў, чалавек вяселы, ён смяецца сам і сваімі творамі весяліць іншых. «Гумарэскі нібыта ўзяты з самаго жыцця» – гаворыцца ў анатацыі да кнігі. І гэта сапраўды так: героі ягоных твораў – простыя людзі, якія жывуць сярод нас і часам трапляюць у самыя недарэчныя сітуацыі. Важна, што смяецца пісьменнік з людзей па-добраму, не крыўдна, а таму колькасць прыхільнікаў яго творчасці толькі расце. Упэўнена, чытаючы гэтую кнігу, сумаваць не прыйдзецца нікому. Як не прыйшлося сумаваць гасцям салона, бо з самага пачатку прэзентацыі кнігі гасцей захапіла сцэнічнае дзеянне ў выкананні студэнцкага тэатра Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны. Студэнты, як сапраўдныя акцёры, а не аматары, выдатна сыгралі ўрывак з п’есы «Следчы эксперымент».

Сваімі ўражаннямі пасля прачытання «кулінарнага шэдэўра» повара Васіля Ткачова падзяліліся яго сябры і калегі: галоўны рэдактар газеты «Сяльмашавец» Мікалай Дзямчыхін, пісьменнік-гумарыст Барыс Кавалерчык, сябры Саюза пісьменнікаў Беларусі Яўген Калашнікаў і Лідзія Возісава, народны паэт Гомсяльмаша Мікалай Буткевіч і іншыя. Завітала на вечарыну галоўны рэдактар выдавецтва «Барк» Міла Беразоўская. Як аказалася, зарад гумару не быў абмежаваны сюжэтамі гумарэсак, а закрануў і час працы выдавецтва над кнігай – Міла Аляксандраўна падзялілася з аўдыторыяй парай вяселых выпадкаў, што суправаджалі выхад зборніка.

А напрыканцы сустрэчы Васіль Юр’евіч зачытаў свае апошнія гумарэскі, і паабяцаў, што зусім хутка яны складуць новую кнігу. Будзем чакаць, а пакуль што раім вам пачаставацца «Булочкой» − кніга здольна наталіць любы літаратурны апетыт.
Марына Ступінская