Дванаццаць год таму 21 лютага быў абвешчаны ЮНЭСКА Міжнародным днём роднай мовы. І нездарма: не кожны народ можа пахваліцца добрым веданнем нацыянальнай мовы, і ўвогуле выкарыстаннем яе ў паўсядзённасці. Гэта ж датычыцца і беларусаў. Не сакрэт, што ва ўмовах панавання на тэрыторыі краіны двух моў, беларускай, на жаль, карыстаецца далёка не большая частка насельніцтва. І прычыны заняпаду роднага слова ляжаць на паверхні: як з песні слоў не выкінуць, так і не вырваць старонак цеснай сувязі і ўзаемадзеяння з Расійскай Федэрацыяй з кнігі гісторыі нашай рэспублікі. Адсюль і моцны ўплыў роднаснай (але ж не роднай) мовы на нашых землякоў.
Але становішча, у якім апынулася беларуская мова, не такое ўжо і змрочнае. Асабліва ўлічваючы з’яўленне ў апошні час моды на беларускую гаворку сярод моладзі ў сталіцы нашай краіны і яе абласных цэнтрах. Вось і сама я не аднойчы сутыкалася з маладымі людзьмі, што не цураюцца роднай мовы не толькі ў сценах ўстаноў адукацыі. І тым самым, як ні дзіўна, прыцягваюць позіркі людзей, хаця курс беларускай мовы – абавязковы ва ўсіх без выключэння школах, а значыць, усе яе вывучалі і некалі, у межах 45 хвілін заняткаў, на ей размаўлялі.